Касьцёл Сьвятое Тройцы ды парафія ў Багушэвічах.
|

Рэтраспектыўна-гатычны касьцёл, выбудаваны на старым кургане, якому пару тысяч
гадоў. Адзін край пры будове касьцёлу зраўнялі, але навокал яшчэ заўважныя абарончыя
рвы. Навокал маляўнічыя крайабразы, стромы бераг ракі.
" У XVII стагоддзі адбыліся змены ўласнікаў некаторых іншых маёнткаў.
Так, Горкі разам з Ганутай і Багушэвічамі на пачатку стагоддзя належалі
князям Юрыю і Міхаілу Міхайлавічам Вішнявецкім (да гэтага Багушэвічамі
валодаў шляхціч Руткоўскі). Яны саступілі свае правы на карысць сястры
Марыны, якая была замужам за князем Фёдарам Рыгоравічам Друцкім- Горскім
(якому, дарэчы, належала і доля ў сяле Белічаны). Яны, як і многія іншыя
прадстаўнікі праваслаўнай шляхты Вялікага княства, перайшлі ў каталіцтва.
Католікам быў, натуральна, і іх сын Рыгор Юрый Друцкі-Горскі, стараста
аршанскі. У 1644 г., выконваючы волю нябожчыцы маці, ён заснаваў у
Багушэвічах касьцёл і запісаў на карысць яго плябана некалькі сялян з Горак.
Пасля смерці Рыгора Юрыя ў 1659 г. маёнтак перайшоў у спадчыну да яго
адзінага сына Тэадора Караля" паводле гісторыка Славы Насевіча . Гэта тое, што
вядома з гісторыі Багушэвіцкай парафіі.
Тое, што мажліва пабачыць цяпер, было выбудавана як крыпта роду
Сьвентаржэцкіх, якія валодалі Багушэвічамі да 1863 году, калі на прыказ генэрала
Мураў'ёва (Вешальніка) сядзібна-паркавы ансамбель з ладнай сядзібай і сьвятыняй
спалілі. Трэба заўважыць, што спалілі(!) цэлы маёнтак Сьвентаржэцкіх (звычайна
маёнтак проста канфіскавалі). Гэта тлумачыцца асаблівай палітыкай ген.Мураў'ёва да
Сьвентаржэцкіх, пазьней у 1875 г. імператар Аляксандр II падараваў маёнтак расейскаму
двараніну Шалгунову за актыўны ўдзел у задушэньні вызвольнага руху. Касьцёл быў
перабудаваны на царкву ў 1875 г. і ўжываўся як другая царква Багушэвіч аж да 1920-х.
Пасля рэвалюцыі і вайны там быў склад угнаеньняў. У 1989 г. будынак апусьцеў і моладзь
яго падпаліла, ад таго часу 10 гадоў будынак стаяў пусты і ў паўразрабаваным стане.
Рэстаўрацыя за грошы каталікоў з Бярэзіншчыны пачалася толькі ў 2001 годдзе.
Баляслаў Сьвентаржэцкі (ўладальнік Багушэвіч да 1863г.) наогул постаць даволі
неардынарная, быў кіраўніком паўстаньня на Ігуменшчыне (Чэрвеньшчына ад 1917г.). У
Багушэвічах сяляне ў першы раз пабачылі што такое тэатр - задумка Сьвентаржэцкага.
Дарэчы працэнт пісьменных у Багушэвічах быў хіба самы вялікі па раёне. Памёр Баляслаў
на выгнаньні ў Вэнэцыі, кажуць сэрца ня вытрымала, ён ня меў магчымасьці вярнуцца.
На пачатку 90-х з прамымі нашчадкамі Сьвентаржэцкіх быў усталяваны кантакт, што
вылілася ў супрацоўніцтва па аздараўленьню дзяцей летам ў Польшчы. Зрабілі гэта
Валянціна Станіславаўна Вішнеўская ды Ян Качмарэк (прамы нашчадак
Сьвентаржэцкіх). Дзякуй Богу цяпер рэстаўрацыя касьцёла амаль скончылася і сьвятыня
зноў адкрые дзьверы для людзей. Хаця яны ўжо здаўна адкрытыя для жадаючых.
(c) Уладзімір Мігаль
Здымак з кнігі Кулагіна "Каталіцкія храмы Беларусі"
|
Багушэвіцкі касьцёл globus.tut.by
|
Парафія Маці Божае Міласэрнае ды касьцёл у Беразіно.
|
Мястэчка было часткай некалі вялікага Любушанскага староства, якое досць доўгі
час было княжацкім уладаньнем пачынаючы ад часоў Вітаўта з Кейстутам. Відаць за
нейкія баявыя заслугі староства атрымаў князь Фелікс Галаўчыньскі ў 1581г., як
запісана ў архівах. Але ўжо праз няпоўных 20-ць гадоў Любушанскае староства
падпарадкоўваецца (прададзена, перададзена) слаўаму гетману Яну Каролю
Хадкевічу, які вядомы тым што пад Кірхольмам паказаў шведам who is who. Дачка
Хадкевіча, Анна Схалястыка Хадкевічава ў 1620 г. узяла шлюб з Янам Станіславам
Сапегам і такім чынам перанесла Любушаны, Беразіно, Быхаў, Ляхавічы, Цімкавічы і
інш. ва уладаньне Сапег.
Касьцёл фундаваў маршалэк прыдворны ВКЛ Казімір Леон (Лявон) Сапега (ня
мыліць з Канцлерам Львом Сапегам!) на падставе кансэнсу караля Уладзіслава IV у
1641 г. пад тытулам Унебаўзяцьця Марыі Панны. Будаўніцтва пачалося ў 1641 годзе
на галоўнай плошчы мястэчка і скончылася даволі ўдарнымі тэмпамі ў 1644 годзе.
Сапегі ў Беразіно яшчэ запомніліся тым, што прывезлі недзе з Эўропы салодкія
грушы, якія панасаджвалі ў маёнтку Беразіно. Гэтыя грушы прадаваліся ў Менску і таму
што яны былі такія салодкія і добрыя, мінчукі нараклі іх - "сапежанкі"...
Невядома, які быў касьцёл ад самога пачатку, але напэўна нейкіх мажорных
перабудоў не рабілася ад часу пабудовы. У 1803 годдзе сьвятыню цалкам абнавілі,
нанова паставілі сьцены і ўбранства знутры, фундуш даравала Анна Патоцкая-
Вансовіч, да якой Любушанскае староства перайло ў спадчыну ад бацькі Людвіка
Тышкевіча. Задоўга да падзелаў Рэчы Паспалітай, з 1671 г. мястэчка належала
Тышкевічам. Іосіф і Ганна Тышкевічы ў 1730 г. саступаюць Беразіно Любушанскага
староства свайму сыну, Людвігу Тышкевічу. Апошні стаў фактычным уладальнікам у
1737 г.
Ад даўніх пачаткаў сваей дзейнасьці ў 1669 г. парафія ўвайшла ў Віцебскі дэканат
(Сынод Сапегі). Пазней, у 1744 г. парафія залічаная да Бабруйскага дэканату Мінскага
ваяводства. Пасля падзелаў і ўтварэньня Мінскай дыяцэзіі (1795 г.) Беразіно
назаўжды ўвайшло ў Ігуменьскі дэканат. У 1803 г. старую сьвятыню замяніў новы
касьцёл, таксама драўляны, узведзены "выдаткамі памешчыцы графіні Анны
(Патоцкай) Дунін-Вансовіч" і цяпер асьвечаны пад тытулам Маці Божае Шкаплернае.
На гэткі абрад завітаў новапрызначаны біскуп Мінскай дыяцэзыі Якуб Ігнацы Дэдэрка,
асьвячэньне адбылося пры вялікай колькасьці мясцовых вернікаў. Касьцёл быў
рэканструяваны амаль цалкам. Цалкам з дрэва, збудаваны на каменным падножжу,
аднанававы, з прастым двуспадавым дахам, на даху ад уваходу была цыліндрычная
вежа. Са стараны уваходу быў малы перадпакой і па два акны па бакавых сьценах з
трыма невялікімі калюмнамі. Касьцёл лічыў 28 аршынаў даўжыні, 13 шырыні. Сьцены
былі абцягнутыя палатном маляваным на оптыку. Драўляны касьцёл увеньчвалі
"дзьве капулы - над бабінцам і пасярэдзіне", у вежы над уваходам знаходзіліся 3
званы, над нартэксам мясьціліся хоры, прэзьбітэрый фланкавалі 2 закрыстыі. У
інтар'еры меліся тры 2-ярусныя алтары. У "вялікім алтары з 4 калюмнамі" над
абразом Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Марыі Панны ў серабранай шаце быў абраз
Найсьвяцейшай Тройцы, у бакавых - над абразом сьв. Юзафа абраз сьв. Казіміра і
над абразом Пана Езуса каля слупа - абраз сьв. Антонія.
У 1818 г. побач з касьцёлам пабудавалі драўляную 2-ярусную званіцу. У 1828 г. другі
муж Анны Патоцкай, граф Вансовіч (Усович), палкоўнік польскіх войск падчас пабыту
ў Рыме атрымаў рэліквіі з фрагментамі мошчаў Сьв. Мучанікаў з блаславеньствам
Папы Рымскага і арыгінальным патэнтам. Дар гэты ў падзяцы перадаў у касьцёл Маці
Божай Шкаплернай у Беразіно.
Праз 20 гадоў у 1838 г. графіня Анна (Патоцкая) Дунін-Вансовіч зноў ахвяравала
сьродкі на рэканструкцыю касьцёлу, і ў 1844 г. сьвятыня была кансэкраваная.
Магчыма, пры гэтым касьцёлу быў вярнуты гістарычны тытул - Унебаўзяцьця
Найсьвяцейшае Марыі Панны, але і пад тытулам Маці Божае Шкаплернае сьвятыня
перыядычна згадваецца ў архіўных дакумэнтах.
Апрача фундушу на пабудову сьвятыні ў 1641 г. Казамір Лявон Сапега прыпісаў да
касьцёла два фальваркі (вёскі існуюць да нашае пары): Вязьзе - палажоны 1,5 мілі ад
Беразіно, і Куцін - палажонае каля 5 міль ад Беразіно. Да тых фальваркаў належаць
две вёскі ў якіх 27 хат разам і 8 хат у Беразіно. Да перадапошняй рэвізыі каля 1830 г.
было запісана 106 мужчын. Абшар фундушовай зямлі складаў 126 валок, 5 маргоў, 88
прэнтаў. На фундаванай зямлі была адна карчма і млын. З тых фундушаў камісыя
метраполіі ў 1830 запісала каля 730 рублей серабром прыбытку. Нейкіх спецыяльных
фондаў, аблігацый дараваных пробашчу няма. Пробашч пабірае каля 400 рублей
серабом шторочна на ўласны ўжытак і мае вызначанай на свой ужытак зямлю каля 30
дзесяцін. Цалкам парафія спісаная ў 1842 г. налічвала каля 5 797 асоб каталіцкага
веравызнаньня.
Дасьледчыкі і розныя гісторыкі (Балзункевіч, касьцельныя візітатары), якія ў свой
час наведвалі мястэчка Беразіно, адзначалі, што парафія даволі бедная, бедна
абстаўлена сьвятыня і да таго ж яшчэ драўляная. Разам з тым ўсе адзначалі што
парафія Беразіно - адна з самых вялікіх у Менскай губерніі. Трэба было і ў Раванічы,
Ушу даехаць, і ў Брадзец з Перавозам. Сучасная адлегласць ад Вушы да Перавозу -
каля 60 кілямэтраў, прычым ў той час машын і брукаваных дарог не было...
Сапраўдным сьвятам для каталікоў Беларусі стаў Талеранцыйны Ўказ ў 1904 г. Указ
забараняў зачыняць каталіцкія кляштары альбо перабудоўваць іх на цэрквы
безпрычынова. Таксама дазвалялася будаваць новыя сьвятыні, што было па-просту
немажліва раней. На гэткай хвалі ўздыму ў 1905 годдзе парафію адведзіў дапаможны
біскуп Менскай дыяцэзыі. Тысячы людзей віталі біскупа: сярод іх і габрэі, і
праваслаўныя, і каталікі. Каля 4000 чалавек ўдзельнічала ў працэсіі і сьвятой імшы...
амаль цэлае Беразіно на тыя часы. Пазьней парафію адведзіў біскуп Лазіньскі. Ён
адыграў вельмі важную ролю ў станаўленьні беларускага касьцёлу.
Беднасць сьвятыні у нейкім сэнсе тлумачыцца палітыкай пробашчаў прыходу і
дзеяньнямі заборчай адміністрацыі. Пасьля паўстаньня 1863-64 гг. царызм закруціў
апошнія гайкі, што да каталіцызму. Стаўка была зроблена на разбурэньне асноў
каталіцызму знутры. Дзе грошамі, дзе падманам, дзе абяцанкамі ды запугваньнем
царат пачаў выступаць за расейскую мову у набажэнствах. У пераліку цалкам
зрусіфікаваных касцёлаў і лацінскіх парафій, падрыхтаваным у 1884 г. губернатарам
Менска Пятровым, ёсць таксама Беразіно. Дакументальна падцьверджана, што
ксёндз Вайчыньскі на прыканцы 19-га стагоддзя у Беразіно ўжываў расейскую мову на
казаньнях і сьпевах - за гэтае казна даплочвала пэўную суму грошай (гэтак званыя
"рытуалісты"). Ксёндз Пянткоўскі, які не паслухаўся ўлад быў высланы ў Сыбір.
Пад канец веку грашовая дапамога скончылася і духоўныя засталіся ні з чым і з
абазлённымі прыхажанамі, так было ў Івянцы, Ракаве, Менску, Мосары, Беразіно.
Ужо з 1898 г. Міністэрства Унутраных Спраў не выплочвала дадаткаў ксяндзам-
«рытуалістам». Службовая запіска таго года выразна сведчыць, што замест
расейскай мовы была ўведзена польская ў Беразіно, Блоні, Бабруйску, Капылі,
Лагойску, Цімкавічах, і што таму хіба трэба затрымаць датыхчасовыя даплаты за
карыстаньне расейскаю моваю.
Бярэзінская парафія на пачатку ХХ ст. стала адной з самых шматлікіх - каля 7000
вернікаў. Яна мела філіяльныя касьцёлы ў Багушэвічах (Бэрэзінскі р-н), Раванічах
(дзе Слатвіньскія часам утрымлівалі да 2-х сьвятароў) і шэраг капліцаў у вёсках:
Барсучына, Брадзец (каплічка была збудавана з цэглы), Кежгайлава (в. Аколіца
Клічаўскага р-на Магілеўскай вобл.), Малінаўка (Чэрвеньскі р-н), Мяжонка (Бялыніцкі
р-н Магілеўскай вобл.), Асмалоўка (Бярэзінскі р-н), Перавоз (Бярэзінскі р-н).
Дзейнічала таксама капліца на каталіцкіх могілках Беразіно, пабудаваная з дрэва ў
сярэдзіне ХІХ ст.
У 1914 касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшае Марыі Панны згарэў. На гістарычным
месцы ён так і не адрадзіўся (сеньня гэта паўдневая частка скверу па вул. Мультана).
Пасьля пажару вернікі прыстасавалі пад касьцёл дом вікарыя (былыя майстэрні
школы #2, Мультана 8), адзін з старэйшых будынкаў усяго Беразіно, але перажыўшы
ўсе войны і няшчасьці будынак быў страчаны ў 2007 г.
У 1937 г. пасля арышту ксяндза Вітальда Тамашэўскага і шматлікіх прыхажан
касьцёл зачынілі. Потым зачынілі і капліцу на парафіяльных могілках па вул.
Мультана, пасьля вайны яе руіны разабралі. Вернікі захавалі абразы, крыжы,
табэрнакулюм.
Каталікі Бярэзіншчыны хрысьцілі дзяцей, вянчаліся альбо ў кс. Шутовіча з Барысава
да 1960 г., пасьля - у в. Краснае (Маладзечанскі р-н), альбо ў бярэзінскай
праваслаўнай царкве. Зьбіраліся памаліцца разам у доме Зуеўскіх-Рудакоўскіх,
Ліхадзіеўскіх, Ржэвуцкіх, Вішнеўскіх і інш.
Адраджэньне пачалося дзесьці каля 1989 г. калі ў Беразіно завітаў новапрызначаны
ў Барысаў кс. Юзаф Пятушка. Шмат у чым дзякуючы яму ў 1992 г. адрадзілася
парафія. За грошы палякаў-амерыканцаў быў куплены будынак па Піянэрскай, 25 і
прыстасаваны пад касьцёл.
(c) Уладзімір Мігаль

Галоўным вобразам у сучаснай Бярэзінскай сьвятыні зь'яўляецца копія Маці Божай Вострабрамскай з Вільні.
|
Касьцельны плац м. Беразіно (circa 1910 г.)
|

"У 1891 годзе пачалося кіраванне набожнага арцыпастыра магілёўскага Шымана Казлоўскага, але цудоўны
прыклад годнага пашаны дзеяча ў касцёле таксама няшмат дапамог, і арцыпастыру Казлоўскаму ўдалося
толькі пазбавіцца ад відавочнага святататніка ксяндза Вайчынскага (недзе пасьля 1895 г.) з Беразіна, аднак
астатнія засталіся на сваіх месцах, вынішчаючы дух Хрыста і карыстаючыся за гэта прызнаннем бюракратыі."
- НАРЫС ПА ГІСТОРЫІ МІНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ.
З архіваў вядома, што ў 1781 у Беразіно налічвалася – 811 прыхажан “лацінскай веры”, 1842 - 5 797 асоб,
1905 г. - каля 4 тыс. вернікаў.
Ігуменскі дэканат у 1905 г. уключаў парафіі: 1) Беразіно, больш за 7000 вернікаў, страшэнна занядбаная пасля
жахлівага рэнегата Вайчынскага; філія Раванічы, капліцы ў Брадцы, Кежгайлаве, ствараюцца ў Асмалоўцы (дарэчы
каплічка ў гэтай каталіцкай вёсцы была ад 1711 г.) і Перавозе; 2) Ігумен, каля 7000 парафіянаў, моцна занядбаная
пасля нядобрай памяці адшчапенца Бяртовіча, капліцы ў Смілавічах і Убелі; 3) Блонь, больш за 3000 вернікаў, якія
доўга заставаліся парафіянамі жахлівых пробашчаў Аляхновіча, Вайчынскага і іншых; але ўжо некалькі гадоў яны
маюць сапраўднага святара; - там жа.
Рыма-каталіцкі касьцёл Маці Божае Міласэрнае г. Беразіно. 2001 г.
|

Прозьвішчы сьвятароў у гістарычных крыніцах з парафіі Беразіно:
1802-1803
1803-1804 – кс. Ігнат Кандратоўскі (ks. Ignacy Kondratowski)
1843
Ян Бжазоўскі (Jan Brzozowski, lat. - Joannes Brzozowski). Выкладаў тэалёгію ў дыяцэзіяльнай
духоўнай сэмінарыі (Regens.S. Th. Mag. Seminarium Diecesaneum). Пробашч парафіі Беразіно
ў 1843 годдзе.
Юст,-Юстыніян(?) Самоцкі (Just Samocki, lat. - Justus Samocki) - францысканін, вікарый
парафіі ў Беразіно.
Бальтазар Эйсымонт, -Эйсмант(?) (Baltazar Ejsymont) - вікарый парафіі ў Беразіно.
Флавіюш Пянткоўскі (Flawiusz Piatkowski, lat. - Flavius Piatkowski) - францысканін,
нарадзіўся ў 1812 годдзе, высьвечаны на сьвятара ў 1839 г. Вікарый парафіі ў Беразіно. У 1872
годдзе імя спатыкаецца ў парафіі Койданава (цяперашні Дзяржынск).
1863
1863 – парафія налічвае каля 2000 чалавек, апроч Беразіно, дзе служылі кс. Юзаф
Вайцяхоўскі (ks. Józef Wojciechowski), кс. Віктар Малевіч (ks. Wiktor Malewicz), кс. Юзаф
Пісанка (ks. Józef Pisanka) існаваў філіяльны касьцёл у Раванічах (служыў кс. Флавіян
Пянткоўскі - Flawian Piątkowski OFM), каплічкі ў Кежгайлаве (в. Аколіца Клічаўскага р-ну),
Брадцы, Асмалоўцы, Багушэвічах. Гэтыя тры сьвятары кс. Вайцяхоўскі, кс. Малевіч, кс. Пісанка
за актыўны удзел у паўстаньні 1863 г. і падбухторваньні прыхажан да барацьбы былі
рэпрэсаваныя.
1870
1870 – кс. Аляшкевіч (ks. Oleszkiewicz)
1872
кс. Каэтан Гурын (o. Kajetan Gurin OSB) - пробашч парафіі Беразіно ў 1872 г. Нарадзіўся ў 1803
г., высьвечаны на сьвятара ў 1829 г.
1872 - 1884
кс. Флавіюш Пянткоўскі (ks.Flawiusz Piatkowski OFM) - францысканiн, нарадзіўся ў 1812
годдзе, высьвечаны на сьвятара ў 1839 г. Вікарый парафіі ў Беразіно ў 1843г. У 1872 годдзе імя
спатыкаецца ў парафіі Койданава (цяперашні Дзяржынск). Недзе пасьля 1872г. быў
прызначаны пробашчам парафіі Беразіно (хіба парафія была яму добра знаёмая). Заставаўся
ім пакуль ня быў высланы царскімі ўладамі за непадпарадкаваньне ўказу аб адпраўленьні
імшы ў касьцёле на расейскай мове. - па сьведчаньнях Мельхіёра Ваньковіча.
Парафія налічвае 3211 чалавек у 1872 г. Філіялы ў Раванічах, Брадцы, Кіжгайлаве, Асмолаўцы,
Перавозе (у прыватнай хаце).
1880
Парафія налічвае 3015 чалавек.
1884 - 1895
кс. Вайчыньскі - пробашч парафіі Беразіно. Прызначаны пасьля высылкі кс. Пянткоўскага -
напачатку пайшоў па шляху Пянткоўскага і адмовіўся адпраўляць імшу па-расёйску - таксама
быў высланы ў Сыбір. Але нечакана адтуль вярнуўся, як аказалася перавёртышам - згадзіўся
атрымоўваць грошы ад расейскай казны і сьпевы, імшы, мадлітвы казаць па-расейску.
Уважаны за рэнегата касьцельнымі уладамі - недзе пасьля 1895 г. мусіў адысьці з Беразіно.
Баюся памыліцца, але ў гістарычных крыніцах і сьведчаньнях аб Вайчыньскім захаваліся ня
вельмі добрыя звесткі і персанальныя ўраджаньні...
Таксама ў Раванічах у той час было два сьвятары.
1901-1907
1901-1907 – кс. Юзаф Мацэвіч (ks. Józef Macewicz). Парафія ігуменскага дэканату, налічвала
6721 каталікоў, філіялы Раванічы, Брадзец, Кежгайлава.
1910-1936
1910 - 1912 кс. Вітальд Тамашэўскі (1880- 1936?)
1912 - 1914 кс. Станіслаў Туз
1919 - 1936 кс. Вітальд Тамашэўскі – астатні перадваенны пробашч каталіцкай парафіі
Беразіно. Абсальвент каталіцкай сэмінарыі і духоўнай акадэміі ў Пецярбурзе, дзе
спецыялізаваўся ў тэалогіі. У 1906- 1908 гг. быў катэхэтам у мясцовай гімназіі і школцы, а
таксама душпастырам у капліцах Шабуняны і Залесьсе, парафія Анопаль. Ад 1910 да 1912
працаваў як адміністратар парафіі Беразіно, потым (1914) адміністратарам у парафіі Ігумен. У
1917 быў накіраваны на працу ў каталіцкую парафію Пермі ў Расеі. Па аднаўленьню ў 1917
годзе Менскай дыяцэзіі ў гг. 1919-1928 працаваў у парафіях Быхаў, Беразіно і др. У архівах
польскага кансуляту ў Менску захаваліся звесткі, што ў 20.09.1929 і 22.02.1934 меў рэзыденцыю
ў Беразіно . А. Панінскі ў паведамленьні ад 2.11.1936, пісаным па ад’ездзе з Масквы паведаміў
Прымасу (лакальны хіерарх каталіцкага касьцёлу), што ксёндз Тамашэўскі быў арыштаваны і
вывезены ў невядомым накірунку. Алеж трошку раней віцэ-дырэктар Палітычнага
Дэпартаманту, Міністэрства Замежных Спраў Польшчы інфармаваў кансулят Польшчы ў
Маскве 9.09.1936 г., что кс. Тамашэўскі знаходзіцца ў турме НКВД у Менску і прасіў апекавацца
ім. Далейшы лёс ксяндза не вядомы.
Паводле некаторых звестак, у парафіі таксама служылі: Дзенісевіч Стэфан, Малевіч Вінцэнт,
Рава Павел, Ясінскі Даніэль.
Рыма-каталікі на Бярэзіншчыне
Каталіцкія сем'і і прозьвішчы з парафіі Березынь (Беразіно)
|
Адамовіч
Анджэячак
Антаневіч (Рачыборак)
Амбражэвіч
Арцішэўскі
Акулевіч
Акуліч
Аскерка
Асташонак (Паплавы)
Аўсянскі (Красны Сад)
Баброўскі
Бароўскі
Барысевіч
Бжэзінскі
Бычкоўскі
Бубенька
Васілеўскі (Стайчанка)
Вайніловіч
Варакса
Ванькевіч (Белічаны)
Ваньковіч (Калюжыца)
Венглінскі
Вернікоўскі
Вінцарэвіч
Віліткевіч (Божына)
Вішнеўскі (Красны Сад,
Сасновае Балота)
Вусовіч (Усович)
Галіеўскі
Гарадзецкі (Сасновае
Балота)
Гараўскі (Божына)
Гедройц (прыд. Тоўсьцік
- Белічаны)
Германовіч (Раванічы)
Глазко
Гурэцкі
Гушча
Дабржыцкі
Далатоўскі (Асмалоўка)
Далівайла
Дарашкевіч (Карма)
Доўнар (Брыялёва)
Ермаловіч (Вяшэўка)
Ермалінскі
Есьман
Заборанка (Багушэвічы)
Закшэўскі (Вязычын)
Зуеўскі
Жалнеровіч
Жызнеўскі
Жукоўскі
Жураўскі (Якшыцы)
Каранеўскі
Карпека
Карповіч
Кавалеўскі
Канстантыновіч
Каханоўскі
(Дзьмітравічы)
Корсак
Коска (в. Лучкі)
Кісялеўскі (Жорнаўка)
Красоўскі (Карма)
Красоўскі (Мікулічы)
Лапіцкі
Леановіч
Ліпень
Ліпніцкі (Васілеўшчына)
Ліхадзіеўскі
Ліхтаровіч
Лойка (Лагі)
Марцінкевіч
Масальскі
Махнач
Мірановіч (Неганічы)
Міркулевіч
Нарушэвіч
Немірка (Вязоўка)
Недвецкі
Ніціеўскі (Краснае)
Равенскі (Капланцы)
Раманоўскі (Паплавы)
Рапаровіч (Божына)
Ржэвуцкі (Барок,
Беразіно)
Ралонек
Рагалевіч
Рудакоўскі
Рэут
Сакалоўскі
Свентаржэцкі
Сібліцкі (Вязычын)
Славінскі (Неганічы)
Сляпко
Старынскі (Гарэнічы)
Сухоцкі
Сушыцкі
Сушчэўскі
Патоцкі
Пашкевіч (каля Раваніч)
Петрашкевіч (каля
Раваніч)
Петрушкевіч (Мяжонка)
Татур
Тісецкі (Асмалоўка)
Трубскі (Якшыцы)
Трусевіч
Тышкевіч
Усьціновіч
Умецкі
Урбановіч
Урублеўскі (Дуброўка)
Хмелеўскі
Цыбульскі
Шабуня (Белічаны)
Шумскі
Чуліцкі (Котава)
Эйсмонт (Рачыборак,
Рачыборкі)
Юзэфовіч
Юшкевіч
Яроцкі (Капланцы)
Якубовіч (Мяжонка)

Фундамэнт старой плябаніі, якая выкарыстоўвалася як капліца да 1936 г.
|
Рыма-каталіцкі касьцёл Маці Божае Міласэрнае г. Беразіно. 1914 г.
|